НУКЛЕАФІ́ЛЬНЫЯ РЭА́КЦЫІ,

гетэралітычныя рэакцыі арган. рэчываў з нуклеафільнымі рэагентамі (нуклеафіламі). Нуклеафілы (ад лац. nucleus — ядро і грэч. phileo — люблю) — аніёны (Cl​, OH​, CN​; NO2, OR​ і інш.), а таксама неарган. і арган. малекулы, што маюць свабодную пару электронаў (напр., вада, аміяк, аміны, спірты, фасфіты). У арган. сінтэзе пашыраны нуклеафільнага далучэння рэакцыі па карбанільнай групе, ці кратнай сувязі вуглярод — вуглярод і замяшчэння рэакцыі, характэрныя пераважна для аліфатычных злучэнняў.

Пры рэакцыі нуклеафільнага замяшчэння ў насычанага атама вугляроду нуклеафіл (X:) аддае субстрату сваю пару электронаў на ўтварэнне сувязі C—X і пры гэтым выцясняе групу Z:, ці нуклеафуг (ад лац. nucleus + fugio збягаю), з парай электронаў, што звязвалі яе з атамам вугляроду. Скорасць і механізм рэакцыі вызначаюцца рэакцыйнай здольнасцю нуклеафілу (нуклеафільнасцю) і нуклеафугу (нуклеафугнасцю), будовай малекулы субстрату і ўмовамі рэакцыі (растваральнік, т-ра, ціск і інш.). Адрозніваюць мона- і бімалекулярны механізмы. Пры монамалекулярным (SN1) механізме спачатку (пад уздзеяннем растваральніку) утвараецца трохкаардынацыйны карбкатыён і нуклеафуг (стадыя, якая звычайна вызначае скорасць усяго працэсу), а затым нуклеафіл хутка далучаецца да карбкатыёна; атака нуклеафілу роўнамагчымая з абодвух бакоў рэакцыйнага цэнтра і ў выпадку яго асіметрыі прыводзіць да рацэмізацыі. Пры бімалекулярным (сінхронным) замяшчэнні (Sn2) атака нуклеафілу ідзе з боку процілеглага адносна групы, што адыходзіць, і прыводзіць да змены абс. канфігурацыі асіметрычнага цэнтра малекулы (т.зв. вальдэнава абарачэнне). Гл. таксама Рэакцыі хімічныя.

Я.Г.Міляшкевіч.

т. 11, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)